АЎСТРАЛІ́ЙСКАЯ ПЛАТФО́РМА,

Аўстралійскі кратон, старажытная дакембрыйская платформа Гандванскай групы, якая займае цэнтр. і зах. часткі Аўстралійскага мацерыка і паўд. частку в-ва Новая Гвінея. На У абмежавана Усх.-Аўстралійскай вобласцю палеазойскай складкавасці. Аддзяленне аўстралійскай платформы ад Гандваны пачалося ў юры і завяршылася ў палеагене.

Крышталічны фундамент складзены з блокаў архейскіх метамарфізаваных парод, якія падзяляюцца зонамі пратэразойскай складкавасці і перапрацоўкі. Пароды фундамента выходзяць на паверхню ў шчытах на З і выступах у цэнтры і на Пд. Платформавы чахол залягае ва ўпадзінах (сінеклізах), аўлакагенах і перыакіянскіх прагінах (Перт і Кінг Леапольд маюць макс. магутнасць яго 7—10 км). Аўлакагены запоўнены пераважна пародамі позняга пратэразою і палеазою, сінеклізы — палеазою, прагіны — мезазою і кайназою. Аўстралійская платформа мае багатыя радовішчы золата, жалезных, марганцавых, медных і поліметал. рудаў, урану, баксітаў і інш.

М.А.Нагорны.

т. 2, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)